Летняя школа беларусістыкі (ч.2)

Летняя школа беларусістыкі (ч.2)

Urszula Szubzda
PL
26.11.2017

Летняя школа беларусістыкі (2)

Летняя школа беларусістыкі апрача цікавых, менш цікавых і гэтых прапушчаны заняткаў, перш за ўсё можа навучыць, або прынамсі схіліць да рэфлексіі наконт значэння і бясспрэчнай вартасці беларускай мовы. Яркім доказам гэтага з'яўляюцца самі ўдзельнікі, якія з'язджаюць з розных куткоў свету, каб пахіліцца над мовай князя Вітаўта, Скарыны, Касцюшкі ці гурту «Мроя», над мовай Белавежскай пушчы і Полацка. Прыехалі людзі са Злучаных Штатаў, Іспаніі, вялікай Расіі ці з гіганта сусветнай гаспадаркі – Кітая. Што цягне іх на Беларусь, яе першабытнасць, ці ялавасць?

Аляксандр Блешчык

Мову Янкі Купалы можна пачуць у самым сэрцы Расіі. Менавіта ў Екацярынбургу, дзякуючы актыўнасці Аляксандра Блешчыка ахвотныя могуць вывучаць мову суседзяў ці сваіх продкаў. Школа беларускай мовы і культуры працуе тут ужо з 2013 года і мае дзясяткі выпускнікоў. Яе дырэктарам і настаўнікам з'яўляецца Аляксандр Блешчык, які сёлета сам удзельнічаў у Міжнароднай летняй школе беларусістыкі ў Мінску.

— Я прыехаў на так званую разведку (смех). У наступным годзе хацеў бы ў гэтую школу паслаць сваіх вучняў. Раней не было ніякай магчымасці, каб вывучаць беларускую мову ў Екацярынбургу. Я вывучыў яе самастойна. У мяне беларускія карані і мне было цікава. Спачатку мне здавалася, што яна нічым не адрозніваецца ад рускай, потам я зразумеў, што там ёсць не толькі фанетычныя адрозненні, але і своеасаблівая лексіка. Пасля пяці гадоў вучобы вырашыў наведаць Беларусь. Тады таксама зразумеў, што тут беларускай мовай і не пахне. Усё-такі з часам знайшоў тут аднадумцаў і сяброў.

Аксана Орленка

Вучыцца беларускай мове, каб адкрыць для сябе іншы свет. Аксана Орленка працуе на Львоўскай палітэхніцы на кафедры лінгвістыкі. Падчас частых паездак на Беларусь, а таксама пры дапамозе літаратуры вывучыла мову суседзяў. Дзякуючы таму не толькі можа развіваць сваю навуковую дзейнасць, але і зразумець культуру, абрады і рэаліі Беларусі.

— У маіх навуковы працах я займаюся лінгвістыкай украінскай мовы, але таксама захапляюся іншымі славянскімі мовамі: сербскай, польскай. А зараз вывучаю таксама беларускую мову, каб пашырыць мае навуковыя магчымасці і лепш зразумець свет. Апрача таго маю хлопца з Беларусі, свядомага гісторыі і беларускамоўнага.

Хаймэ Гарсія Чапара

З-за салідарнасці з Беларуссю пачаў вывучаць беларускую мову. Хаймэ Гарсіа Чапара жыве ў іспанскай Малазе. Прысвяціў тры гады на спазнанне мовы, якую мала хто ведае ў яго краіне. Сёння сам арганізуе беларускае жыццё ў Іспаніі, а таксама падарожнічае па Беларусі, каб лепш спазнаць яе абліччы. Хаймэ Гарсія Чапара пры падтрымцы беларускай амбасады ў Іспаніі супольна з сябрамі сарганізаваў курсы беларускай мовы. Сустрэчы пачаліся ўжо з верасня.

— Я звязаўся па скайпе з дзяўчынай з Беларусі. Яна мела мяне вучыць рускай мовы, я яе – іспанскай. Аднойчы яна сказала, што вось на Беларусі мала людзей размаўляе па-беларуску. Мне стала прыкра, што тут не захоўваюць сваёй мовы. І так, карыстаючыся сайтамі, слоўнікам і скайпам, я пачаў вывучаць беларускую. Беларуская мова яшчэ не адкрытая ў нас. У Іспаніі Беларусь вельмі моцна асацыюецца з Расеяй. Калі я расказваў сябрам, што буду вучыцца беларускай мове, яны насамрэч не ведалі, што такая існуе. Мая мама таксама ў гэтым прызналася, што не ведала б нічога ані пра Беларусь, ані пра беларускую мову, калі б я не пачаў яе вывучаць.

Канстанцін Драздоў

Гісторык і навуковец Канстанцін Драздоў жыве ў Маскве, дзе самастойна вывучае беларускую мову. Ён сам веданне мовы лічыць знакам павагі да суседзяў.

— Я прыехаў, каб пасядзець у архівах. Але адначасова хацеў таксама неяк зразумець і культуру, таму вырашыў пры нагодзе запісацца ў школу. Я лічу, што ўжо даўно ў Расеі трэба адмовіцца ад імперскіх замашак. Дагэтуль жа ў Расеі ёсць такія, хто лічыць, што Беларусі няма, што гэта ўсё адзін народ. А ўжо больш 30 гадоў жывём. Розныя дзяржавы, розныя народы. Мы заўсёды былі суседзямі. Любую мову, як польскую, украінскую, расейскую, так і беларускую трэба вывучаць. Хоць ты і расейскамоўны, але трэба лепш ведаць беларускую мову і гісторыю.

Ева Венелля

Ева прыехала са Злучаных Штатаў, дзе зараз жыве і працуе. Вывучала тут веды аб джазе і ахове прыроды. Менавіта захапленне Белавежскай пушчай прывабіла яе ў Беларусь. Той, на яе думку, магутны лес можна абняць праз веданне мовы і культуры Беларусі. Летняя школа беларусістыкі была адначасова нагодай, каб пабачыць, якія законы рэгулююць ахову прыроды і жывёлы ў гэтай дзяржаве.

— Ужо ў час афармлення візы сустрэлася з незразумелымі праблемамі і савецкім падыходам да чалавека. Самой школай я вельмі расчараваная – дэзарганізацыя, незразумелая непрыхільнасць... Паспрабую зразумець пушчу, але з другога боку – цераз Падляшша.

Хан Сяў Е

Хан з'яўляецца выкладчыкам расейскай мовы на Другім Пекінскім універсітэце. На школу беларусістыкі ў Мінск прыехаў са сваімі студэнткамі, якія ўзялі лектарат беларускай мовы.

— У Пекіне, у другім пекінскім інстытуце замежных моў на факультэце рускай мовы для студэнтаў, якія вывучаюць рускую мову, заснавалі спецыяльнасць „беларуская мова”. Беларускую могуць яны абраць па жаданні. Многія студэнты выбіраюць.

Паколькі жыхары развітага Кітая вывучаюць беларускую мову, можа гэта напрамак, які ў будучыні гарантуе нейкае і эканамічнае развіццё. Але магчыма кітайцы не толькі эканамічна нас апярэджваюць. У час вечаровых гутарак пасля заняткаў Хан праспяваў старадаўнюю кітайскую песню, якая гаворыць, што людзей з нечым звязвае чырвоная нітка. Каб зразумець чаму і не адчуваць сябе зняволеным, трэбы запрашаць дамоў месяц у час поўні. Ён можа дапамагчы растлумачыць гэтую містычную прывязанасць і адчуць сябе свабодным. Калі верыць словам песні, Скарына з кітайскім тварам ужо не такі смешны.

Уля Шубзда