У беларускую Гародню на пяць дзён!

У беларускую Гародню на пяць дзён!

Urszula Szubzda
PL
11.06.2017

У беларускую Гародню на пяць дзён!

Ганна Шарэнда – выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, магістр педагагічных навук. Нарадзілася на Палессі (былое Турава-Пінскае княства). Турыстычная фірма „Мерцана” ўзнікла ў 2010 годзе. І на той момант была гэта адзіная фірма ў Гародні, якая займалася толькі ўнутраным турызмам. „Беларусь. Еўропа, якую Вы не бачылі” – такі слоган мае фірма і стараецца сваёй дзейнасцю яму адпавядаць. Супрацоўнікі фірмы распрацавалі і праводзяць этнічныя экскурсіі. Цыкл „Беларуская Гародня” знаёміць з гісторыяй нацыянальна-вызваленчага руху ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Існаванне беларускай нацыянальнасці непасрэдным чынам звязана з падзеямі, якія адбываліся ў ХІХ ст. Кастусь Каліноўскі, Валеры Врублеўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма – няпоўны спіс тых людзей, якія зрабілі вялікі ўнёсак у станаўленне беларускай нацыі. Іх дзейнасць была звязана з Гародняй. Ёсць таксама цыклы экскурсій „Габрэйская Гародня”, „Польская Гародня”, „Губернская расейская Гародня” і „Літоўская Гародня”.

«Ніва»: – Сёння складана польскім турыстам апынуцца ў Гародні?

Ганна Шарэнда: – Пасля падпісання ўказа № 318 трапіць у Беларусь не праблема. Афармленне дакументаў займае 24 гадзіны, то-бок адны суткі. Людзі, якія хочуць трапіць у Гародню, пішуць на э-мэйл турыстычнай фірмы, дзе дакладна пазначаюць колькасць жадаючых прыехаць і даты, з якога па якое чысло хочуць быць у бязвізавай зоне. Таксама трэба даслаць скан свайго пашпарта: там дзе напісана імя і прозвішча, грамадзянства краіны, пазначыць сваю нацыянальнасць, пол. Усё астатняе афармляе фірма.

Які кошт пропуску?

Афармленне поўнага пакета дакументаў на аднаго чалавека каштуе 12 еўра ці 50 злотых. Але калі ў будучым гэта пастаянны кліент, зразумела, сістэма зніжак існуе.

Вялікія групы таксама могуць разлічваць на нейкія акцыі?

– Абавязкова, можна дамовіцца. Беларускі бок зацікаўлены ў турыстах, а і турысты хочуць паглядзець Гародню і яго ваколіцы, таму заўсёды можна атрымаць зніжкі. Асабліва праз нашу фірму (смех).

Асоба даслала на Вашу пошту ўсе патрэбныя даныя і што далей?

– Са свайго боку мы высылаем на э-мэйл заказчыка дакумент на права наведвання бязвізавай зоны (на ім размяшчаецца спецыяльны уб-код), які дазваляе яму наведаць горад Гродна і бязвізавую зону да пяці сутак.

Апрача пропуску дапамагаеце з пасяленнем?

– Мы можам прапанаваць любыя варыянты: эканамічны, сярэдні і даражэйшы. На жаль, у нас вялікая разбежка ў коштах гатэляў. У нас няма гатэляў, якія адпавядалі б кошту і якасці.

На Вашым сайце можна знайсці інфармацыю наконт экскурсій, якія праводзіце. З аднаго боку бязвізавая зона накідае нейкія абмежаванні, з другога маеце багатую турыстычную прапанову.

– Канешне. У бязвізавую зону ўваходзіць сам горад Гродна і пяць сельскіх саветаў Гродзенскага раёна: Сапоцкінскі, Гожскі, Падлабенскі, Капцёўскі і Адэльскі. Чаму вызначылі гэтыя сельскія саветы? Магчыма таму, што там суаднесенасць у нацыянальным пытанні, скажам, той жа Сапоцкінскі раён у вялікай ступені населены палякамі.

Каб пазнаёміць больш-менш з самой Гародняй, патрэбны суткі, і гэта толькі на адзін горад.

Аўгустоўскі канал – тут ёсць пэўныя пытанні з размяшчэннем, харчаваннем... але там таксама цікава і ёсць што паглядзець. Па дарозе да канала знаходзіцца Гродзенская крэпасць, пра якую нават мясцовыя жыхары мала што ведаюць.

У нас ёсць вельмі шмат і тэматычных, і краязнаўчых, і літаратуразнаўчых экскурсій. Калі людзей цікавіць жыццё і творчасць Элізы Ажэшкі, можна з гэтым пазнаёміцца і ў Гародні. На жаль, Мількаўшчына пакуль не ўваходзіць у бязвізавую зону. Багатырэвічы, Міневічы таксама не ўваходзяць, але зараз гэтае пытанне разглядаецца. Я думаю, што ў хуткім часе яно будзе вырашана і ў людзей будзе магчымасць без візы туды трапіць.

Затое прапануеце экскурсію па Гародні яе частага наведвальніка – Стэфана Баторыя.

– Так (смех). Стэфан Баторый моцна любіў Гародню і па сутнасці зрабіў яе другой сталіцай Рэчы Паспалітай. Паколькі шлюб быў палітычны, то ёсць меркаванне, што сэрца караля і вялікага князя належала простай дачцэ лесніка, якая жыла ў горадзе. У сваім завяшчанні Стэфан Баторый прасіў, каб яго пахавалі ў Гародні, але яго воля была парушана. І паколькі анатамічнае ўскрыццё цела караля і вялікага князя было ў Гародні, ёсць гарадская легенда, што прывід Баторыя можна сустрэць на былым Рынку, сучаснай Савецкай плошчы.

Андрэй Вашкевіч, гісторык, а таксама і беларускамоўны экскурсавод, зазначыў, што яму не давялося яшчэ праводзіць беларускамоўнай экскурсіі турыстам з Польшчы. У Цябе падобны вопыт?

– Так, такі сам. На жаль, на беларускай мове турысты з польскага боку экскурсіі не заказваюць. Так, гэта здзіўляе. Ну, ёсць яшчэ такое пытанне, што калі толькі адкрылася бязвізавая зона, многія паехалі глядзець не Гродна, а да сваіх сваякоў, бо гэта была праблема, калі патрэбна было адкрываць візу. Наогул, калі прыязджаюць літоўцы – іх цікавіць літоўская Гародня і пакупкі, палякаў – польская, і ўзнікае пытанне, а дзе ж беларуская Гародня?

Усё-такі заўважаецца больш наведвальнікаў. Паводле даных на працягу першых двух месяцаў Беларусь наведала 2 тысячы турыстаў.

– Турыстаў у горадзе стала сапраўды больш. Так, цікаўнасць расце: асабліва з боку літоўцаў. Большасць палякаў, якія едуць на Беларусь, выбіраюць маршрут на тыдзень і яны едуць па візе. Яны хочуць наведаць мясціны Адама Міцкевіча, яны хочуць трапіць у Пінск, паглядзець больш Брэстчыны, наведаць Ліду, таму яны едуць па візе. Беларусь зацікаўленая, каб грошы заставаліся ў нашай краіне. Сектар турызму заўсёды з'яўляўся прыбытковым. Думаю, што прадстаўнікі афіцыйнай улады ў хуткім часе зробяць, каб гродзенскі аэрапорт і чыгуначны вакзал увайшлі ў бязвізавую зону.

Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў сказаў, што хочуць пашырыць бязвізавую зону і стварыць новы памежны пераход Сафіева – Ліпшчаны.

– Ну калі сказалі, то так і зробяць (cмех).

Турысты могуць палюбіць Гародню так як Ты, паляшучка?

– Могуць. У кожнага чалавека свая Гародня.

Гутарыла Уршуля ШУБЗДА

 

[Photos also in PDF attached]